Вібрыруючыя панэлі – пераўтваральнікі энэргіі ветру

Як паказалі дасьледчыкі з унівэрсытэту Корнэла (ЗША), электрычную энэргію можна атрымліваць ад ветру ня толькі з дапамогай вялізарных турбін. Яны распрацавалі падвясныя панэлі, элемэнты якіх вібрыруюць пад дзеяньнем ветру, амаль як лісьце дрэваў. Для працы такіх панэляў дастаткова нават лёгкага брызу.
Пакуль яшчэ рана казаць пра выкарыстаньне такіх панэляў у камэрцыйных маштабах. Але ўявіце сабе будынкі нашых гарадоў, апранутыя такімі панэлямі – вам не нагадвае сьцены старых хатак, што абрасьлі плюшчом?
Для пераўтварэньня ў электрычную энэргію мэханічнай энэргіі ваганьняў панэляў, што выкліканы ветрам, дасьледчыкі выкарыстоўвалі п’езаэлектрычныя матэрыялы. Гэтыя матэрыялы пры іх сьціску выпрацоўваюць невялікую колькасьць электрычнай энэргіі. На дадзены момант, няма ніякай інфармацыі наконт колькасьці электраэнэргіі, якую можна атрымаць такімі вібрыруючымі панэлямі. Аднак дасьледчыкі сьцьвярджаюць, што для працы такіх панэляў дастаткова нават слабага брызу, а не магутнага ветру, які неабходны для ветраных турбін.
Да таго ж адзначаецца, што турбіны патрабуюць вялікай прасторы, у той час як вібрыруючыя панэлі можна інтэграваць з мурамі будынкаў, і пры гэтым яны нікому ніякім чынам не замінаюць.
Якія ж кошты такіх сыстэм? І тут унівэрсытэт не дае дакладных зьвестак. Адзінае што паведамляецца – што электраэнэргія атрыманая такім чынам, можа быць больш таннай за атрыманую на ветраных турбінах.
Крыніца: cornell.edu
