Падземныя паветраныя сховішчы

Разам з пытаньнем выпрацоўкі электраэнэргіі, побач заўсёды стаіць праблема акумуляцыі. Цікавае рашэньне гэтай праблемы прапануецца ў выглядзе падземных паветраных сховішчаў.
Справа ў тым, што некаторыя тыпы генэратараў на ўзнаўляльных крыніцах энэргіі ня здольныя працаваць увесь час. Прасьцейшым прыкладам зьяўляюцца ўстаноўкі, якія атрымліваюць энэргію ад Сонца – зразумела, што ноччу і ў хмарнае надвор’е такія ўстаноўкі спыняюць выпрацоўку электрычнасьці. Аналягічна і ветраныя генэратары працуюць нерэгулярна – усё залежыць ад надвор’я. А вось традыцыйныя электрастанцыі маюць адваротную праблему – ноччу колькасьць спажываемай энэргіі памяншаецца, і яны вымушаны цыклічна зьмяняць магутнасьць. Каб такія зьмяненьні былі мінімальнымі, ва ўмовах рынкавай эканомікі, кошт на электрычнасьць ноччу істотна паніжаецца. У любым выпадку, людзі сутыкаюцца з праблемай акумуляцыі энэргіі. Прычым зрабіць гэта трэба за мінімальны кошт і як мага больш эфэктыўна.
Цікавы варыянт рашэньня праблемы акумуляцыі прапануецца ажыцьцявіць выкарыстоўваючы падземныя сховішчы, куды можна запампоўваць паветра. Такія сыстэмы называюцца пнеўмаакумулюючымі энэргетычнымі ўстаноўкамі. У начны час кампрэсары выкарыстоўваюць адносна танную электрычнасьць, каб запампаваць у падземны рэзэрвуар запас паветра да ціску 55 атмасфэр, энэргія якога будзе выкарыстана днём, калі электрычнасьць даражэй. Днём сьціснутае паветра падаецца на турбіну і выпрацоўвае электрычнасьць. У якасьці рэзэрвуараў можна выкарыстоўваць як штучныя рэзэрвуары, так і прыродныя падземныя поласьці, напрыклад пячоры. Усё залежыць ад мэтаў, якія ставяцца пры гэтым. Было разьлічана, што для пабудовы ўстаноўкі магутнасьцю 300 МВт, каб яна назапашвала энэргіі на 8 гадзін працы, патрабуецца наяўнасьць сховішча на 620 тысяч кубічных мэтраў. Зразумела, што для пабудовы такіх буйных «акумулятараў», прыгоднымі зьяўляюцца толькі прыродныя пячоры.
Нягледзячы на адносна малую эфэктыўнасьць такіх энэргетычных установак, кошт атрымліваецца нашмат меншы за кошт клясычных сьвінцова-кіслотных акумулятараў. Так, кошт пнеўмаакумулюючай устаноўкі складае каля 1000$ за 1 кВт магутнасьці, ў выпадку сьвінцовых акумулятараў кошт дасягае 3000$.
На дадзены момант рэалізуецца некалькі праэктаў пнеўмаакумулюючых установак. Найбольш буйныя будуюцца ў ЗША на грошы амэрыканскага ўраду. Гэта сховішчы ў штатах Нью-Йорк і Каліфорнія. Магутнасьць устаноўкі ў Каліфорніі будзе дасягаць 300 МВт.
