НАСА плянуе пабудаваць АЭС на Месяцы

moon

НАСА правяло першыя выпрабаваньні на магчымасьць пабудовы атамнай станцыі на Месяцы.

Пакуль што не абмяркоўваецца ні тое, як будуць захоўвацца адыходы, ні як станцыя будзе выведзена з эксплуатацыі. Як падаецца, калі ў нейкі момант на станцыі скончыцца паліва, яна застанецца стаяць там адвечным помнікам заходняй цывілізацыі ХХI стагодзьдзя.

Праэктуемая для Месяца ядзерная станцыя будзе партатыўнай, памерам з вялікі бітон для сьмецьця. А выпрацоўваць электрычнасьць будзе для будучых баз на паверхні Месяца.

У межах падрыхтоўкі да вяртаньня чалавека на Месяц, якое запланавана на 2020 год, і для будаўніцтва базы, на якой будуць выпрабоўвацца новыя тэхналёгіі і адкуль плянуецца здзейсьніць палёт у бок Марсу, НАСА плянуе пабудаваць атамную станцыю на 40 кіляват: тут, на Зямлі, такой станцыі хапіла бы на забесьпячэньне толькі васьмі хатак.

Цеплыня, выпрацаваная ў выніку ядзернага падзелу, будзе прыводзіць у дзеяньне рухавік Стырлінга на гарачым паветры. Рухавік Стырлінга, у сваю чаргу, будзе пераўтвараць цеплыню ў электрычную энэргію, якая павінна задаволіць патрэбы чалавечай базы на Месяцы.

На дадзены момант было праведзена тры розныя тэставаньні асобных частак атамнай электрастанцыі.

Першае выпрабаваньне тычылась панэлі, якая, ў адсутнасьці вады для нармальнага ахалоджваньня рэактара, будзе здымаць з рэактара залішнюю цеплыню. Як паведамляе НАСА, гэтая панэль з посьпехам пераадолела як халодныя ўмовы, так і адсутнасьць атмасфэры.

Аналягічным чынам, рухавік Стырлінга цудоўна справіўся з цеплынёй, сувымернай з той, што выдзяляецца ў выніку ядзернай рэакцыі.

І, нарэшце, рухавік таксама без перашкод працаваў ва ўмовах цяжкіх доз радыяцыі. Гэта быў трэці тэст.

Наступным крокам, заплянаваным на 2012 год, будзе тэставаньне ўсіх розных частак станцыі разам, пакуль яшчэ не запускаючы цэпавую рэакцыю падзелу.