Горад Сонца

Самая маленькая краіна ў сьвеце вельмі хутка будзе карыстацца выключна сонечнай энэргіяй.
Гэты праэкт Ватыкан плянуе скончыць да 2014 году. Праўда, самая вялікая эўрапэйская сонечная электрастанцыя будзе разьмяшчацца не ў самой карлікавай краіне, а на прылеглай італійскай тэрыторыі. На будаўніцтва электрастанцыі будзе выдзелена каля 300 гектараў зямлі, што амаль у 7 разоў больш за плошчу гораду-дзяржавы. Больш таго, Ватыкан будзе экспартаваць атрыманую на станцыі электраэнэргію ў Італію. Справа ў тым, што запланаванай магутнасьці 100 МВт дастаткова для забесьпячэньня электрычнасьцю 40 тысяч дамоў, а ў Ватыкане стала пражывае толькі 826 жыхароў. Самым буйным спажыўцом электраэнэргіі ў Ватыкане зьяўляецца звышмагутная радыёстанцыя, якая спажывае толькі 11 МВт.

Асноўным прэтэндэнтам на выкананьне працы зьяўляецца нямецкая кампанія Solarworld AG. Гэтая кампанія год таму за свой кошт усталявала сонечныя панэлі на страху палаца Аўдыторыі Папы Паўла VI. Тады было ўсталявана 2700 сонечных батарэй коштам 1,5 мільёны даляраў.
