Першы беларускі вятрак. Ужо ня лётае, але яшчэ і ня верціцца.
Беларуская кампанія «Белветраэнэрга» і РВУП «Лес» вядуць сумесныя распрацоўкі па стварэньню першага беларускага ветрака. Першы вопытны ўзор устаноўкі будзе ўсталяваны ў лютым 2010 году на тэрыторыі прадпрыемства «Лес» у г. Барань Аршанскага раёну.
Першая беларуская ветраэнэргетычная устаноўка будзе сабраная па беларускай тэхналёгіі з выкарыстаньнем айчынных вузлоў і агрэгатаў. Асаблівай адметнасьцю беларускага ветрака зьяўляецца тое, што круціць генератар у ім будуць лопасьці ад сьпісаных шрубалётаў (верталётаў). Мяркуецца, што такі падыход дазволіць зрабіць беларускую ўстаноўку нашмат таньней за эўрапэйскія аналагі.
Плянуецца, што наш вятрак магутнасьцю 10 кВт будзе каштаваць каля 8 тысяч эўра. Такім чынам кіляват усталяванай магутнасьці будзе каштаваць 600-800 эўра, у той час як у Эўропе адзін кіляват каштуе 1200 эўра. Адзінае што цікава – колькі будзе каштаваць эксплуатацыя айчыннай устаноўкі. Бо сьпісаныя лопасьці – ня дужа надзейная «запчастка», а эксплуатацыя ветрака такой нізкай магутнасьці таксама ня дужа выгодная справа.
У бліжэйшай будучыні ў Барані плянуецца наладзіць выпуск ветракоў магутнасьцю 10, 20 і 50 кВт. На дадзены момант на тэрыторыі краіны працуюць тры сэрыйных ветрака. Два з іх разьмяшчаюцца ў Занарачы (600 і 250 кВт) і адзін на Гарадокскім асвальтабетонным заводзе (250 кВт). Гэтыя ветраэнэргетычныя ўстаноўкі былі пастаўлены немцамі ў межах гуманітарнай дапамогі.
Як адзначыў дырэктар кампаніі «Белветраэнэрга», Уладзімір Нісьцюк, нягледзячы на скептычнасьць ды ветраной энэргетыкі як звычайных людзей так і вышэйшага чынавенства Беларусі, у кожнай вобласьці існуе 30-40 разведаных мясцовасьцяў, дзе выкарыстаньне ветраўстановак было б эфэктыўным.
Photo © gpk.gov.by
